Максім Танк — Мы зноў на месцы тым…

Мы зноў на месцы тым
Максім Танк — Мы зноў на месцы тым…
5 (100%) 2 галасоў

Быў чэрвень.
Эшалоны рана
на фронт спяшаліся, ішлі,
прыбраныя цвятамі Казахстана,
сібірскай хвояй, сінявой ліманаў,
калоссямі украінскай зямлі.
На абгарэлых на перонах нашых
іх сустракала шмат сірот і ўдоў.
Усе яны успаміналі паўшых
сваіх бацькоў, сваіх братоў, сыноў.
Байцы сціралі пыл зялёнай мятай
з гарачых касак, хлеб дзялілі свой.
Боль забываючы, дзіця рукой
цягнулася пагладзіць ствол гарматы.
Мінулі дні…
Мы зноў на месцы тым,
дзе ўсё тады заслаў агонь і дым,
дзе шквал прайшоў варожай чорнай сталі.
3-пад першых снегавых праталін
сінее рунь.
Не, не ад гора мы
прыпалі да зямлі радзімае грудзьмі,
але ад радасці, што не дарма тут
выходзілі насустрач цягнікам,
і недарма дзіцячая рука
цягнулася да нас і да гарматаў.

Понравилась статья? Поделиться с друзьями: