Мастацкія асаблівасці камедыі Хто смяецца апошнім

Вам спадабалася?

Сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім» з’явілася ў 1939 г. і прынесла Кандрату Крапіву шырокую вядомасць. Драматург стварыў запамінальныя і яркія характары-тыпы — Гарлахвацкага, Зёлкіна, Тулягі, звярнуўся да падзей і канфліктаў рэчаіснасці 30-х гадоў.

П’еса пранізана гуманістычным пафасам. Аўтар заклікае верыць чалавеку, ствараць атмасферу добразычлівасці і павагі. У вырашэнні гэтай праблемы істотная роля належыць Тулягу. Калі б не разуменне з боку Веры, Чарнавуса, Левановіча, калі б не артыкулу «Правде», як выяўленне даверу партыйнага кіраўніцтва да чалавека, наўрад ці перамог бы свой страх Туляга і аказаўся здольным на мужны грамадзянскі ўчынак.

Асобнымі, але вельмі трапнымі штрыхамі пісьменнік перадаў грамадска-палітычную атмасферу ў краіне. Так, страх Тулягі, што яго прымаюць за дзянікінскага палкоўніка, зусім не беспадстаўны. Тут выявілася не толькі рыса характару персанажа, але пошук так званых класавых ворагаў, падазронасць, недавер, што панавалі ў грамадстве. Туляга баіцца, што не дакажа, кім быў у Варонежы ў гады грамадзянскай вайны — настаўнікам ці палкоўнікам, бо адпаведных дакументаў не мае. Пра тое, што справа можа павярнуцца такім чынам, сведчыць іншая сцэна ў творы. Зёлкін без ніякіх падстаў, нават не чытаўшы яе, называе навуковую працу Чарнавуса шкодніцкай. Доказаў гэтага ў яго не пытаюцца, адваротнае павінен даказваць аўтар кнігі.

Каб зрабіць ворагам Чарнавуса, хапіла таго, што ва ўстанову зайшоў чалавек у форме НКВД. Зразумела, п’еса «Хто смяецца апошнім» — твор камедыйнага жанру, дзе гіпербала— перабольшанне — з’яўляецца частым прыёмам. Аднак тое, што адбываецца вакол вучонага — «Учора лёг спаць як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Некаторыя знаёмыя не пазнаюць мяне, на другі бок вуліцы пераходзяць, калі сустрэнуцца», — узята пісьменнікам з рэчаіснасці 30-х гадоў.

З вышыні нашага часу кідаецца пэўная спрошчанасць вырашэння канфлікту ў творы: сумленныя прынцыповыя людзі (Левановіч, Вера, Чарнавус, да іх далучаецца і Туляга) выводзяць на чыстую ваду Гарлахвацкага. Пры гэтым значна перабольшаны магчымасці сакратара парткома, які можа «з свайго боку праверыць некаторыя факты», дакопваецца да «кіеўскага следу» Гарлахвацкага і выступае ў заключнай сцэне ў якасці грамадскага абвінаваўцы.

Кандрат Крапіва вымушаны быў аддаць даніну часу, паказаўшы Гарлахвацкага не проста прайдзісветам і авантурыстам, а шкоднікам (ён спрабаваў «разлажыць на Украіне адзін наркамат»). У сувязі з гэтым канфлікт п’есы аказаўся прывязаным да афіцыйнай ідэалогіі свайго часу: паколькі ўсюды могуць дзейнічаць замаскіраваныя ворагі, трэба класавая пільнасць.

Разам з тым нельга не заўважыць, што «варожая дзейнасць» Гарлахвацкага абмінаецца, не яна цікавіць пісьменніка. Гарлахвацкі выкрываецца ў творы як прайдзісвет, прыстасаванец, а не як злосны вораг савецкай улады. На падставе навуковых распрацовак Чарнавуса дзяржплан праекціруе будаўніцтва новых заводаў. Скампраментаваўшы вучонага, абвінаваціўшы яго ў шкодніцтве, Гарлахвацкі тым самым тармазіў развіццё эканомікі рэспублікі. Аднак пра гэта «вораг» нават не згадвае, яму трэба «прыбраць да рук» ці хоць бы нейтралізаваць Чарнавуса, каб той не раскрытыкаваў яго даклад.

П’еса заканчваецца не арыштам Гарлахвацкага, а яго маральным крахам. Усе разыходзяцца. Гарлахвацкі застаецца ў кабінеце, «стаіць… утаропіўшыся ў злашчасную костку». Нічыпар кідае костку праз фортку сабаку са словамі: «На табе тваё дабро назад!.. Праз цябе толькі непрыемнасці чалавеку! (Хітра падміргвае цёці Каці, і абое выходзяць.)»

Гарлахвацкі лоўка прыстасоўваецца да грамадска-палітычных абставін часу, прымушае іх працаваць на сябе. Ахвярамі яго круцельства становяцца сапраўдныя вучоныя, сумленныя людзі. Чарнавус таксама ахвяра, ён, як і Туляга, не можа супрацьстаяць Гарлахвацкаму, бо «гэта ж трэба кінуць працу і заняцца гэтымі бруднымі плёткамі, траціць час, трапаць нервы». Варта адзначыць, што, «прыручаючы Чарнавуса», Гарлахвацкі дзейнічае больш тонка. Калі ў дачыненні да Тулягі ім выкарыстоўваецца грубы шантаж, то гэтага вучонага ён імкнецца скампраментаваць у вачах іншых, сам жа да апошняй хвіліны разыгрывае перад Чарнавусам ролю клапатлівага кіраўніка і заступніка.

«Зблытаць карты, што свой свайго не пазнае», Гарлахвацкаму дапамагае Зёлкін. Гэта яго багатая фантазія плеткара і паклёпніка нараджае «справу» Чарнавуса. Гарлахвацкі шырока карыстаецца «паслугамі» Зёлкіна, і пры гэтым зусім не паважае малодшага навуковага супрацоўніка, не хаваючы ад яго сваіх адносін:

Зёлкін (уваходзіць). Аляксандр Пятровіч, навіна!
Гарлахвацкі. Плётка ці праўда — прызнавайцеся.
Зёлкін. За каго вы мяне лічыце ?
Гарлахвацкі. За Зёлкіна.
Зёлкін. Мне гэта нават крыўдна.

Кандрат Крапіва па-майстэрску выкарыстаў прыёмы і сродкі сатырычнага ўзнаўлення жыцця. Драматург шырока звяртаўся да падтэксту (ён прысутнічае ў рэпліках і заключным слове Левановіча ў другой карціне трэцяга акта; згадваючы мамантавую свінню і свінтуса грандыёзуса, партыйны сакратар гаворыць пра Гарлахвацкага), да іроніі, напрыклад, ацэнка Тулягам Гарлахвацкага ў першай карціне трэцяга акта, рэпліка Нічыпара ў заключнай сцэне і інш), да самахарактарыстык герояў (самараскрываецца ў п’есе Гарлахвацкі), да сітуацыі-непаразумення (выступленне Нічыпара пры абмеркаванні даклада) і г. д.

Понравилась статья? Поделиться с друзьями:
Добавить комментарий

;-) :| :x :twisted: :smile: :shock: :sad: :roll: :razz: :oops: :o :mrgreen: :lol: :idea: :grin: :evil: :cry: :cool: :arrow: :???: :?: :!: