Янка Купала — З песень аб вясне

З песень аб вясне
Янка Купала — З песень аб вясне
5 (100%) 2 галасоў

I зелень, і кветкі, і песні,
I неба вясёлая яснасць…
Ні цьмы той, ні снегавай плесні, —
Дзе глянеш — адна, братка, шчаснасць!

Свет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як не выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…

Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людская сямейка,
За сошкай шнуруе араты,
Ля статку іграе жалейка;

З сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сяўца немалая…
Захоча — і свет пераверне!

Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі, і коскі, і поля!
Кінь выгляд слязлівы, нявольны;
Ў тваіх руках слава і доля!

Понравилась статья? Поделиться с друзьями: